События

На прыходзе святога князя Уладзіміра ў Гродна прайшла лекцыя-размова пра Беларусь часоў сталінскага тэрору

У апошнюю нядзелю кастрычніка Беларуская Праваслаўная Царква адзначыла памяць Сабору новамучанікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай. На святочнай Божай літургіі ў Свята-Кірылаўскім храме прыхода храма святога князя Уладзіміра ў Гродна адбылося памінанне «всех православных христиан, безвинно богоборцами убиенных или безвинно пребывавших в заключении».

Пасля службы ў трапезнай нядзельнай школы для навучэнцаў і іх бацькоў, якія бралі ўдзел у Літургіі, адбылася лекцыя-размова пра гісторыю Беларусі часоў Вялікага тэрору 1937-1938 гг. з удзелам дацэнта кафедры гісторыі ГрДУ Аляксандра Горнага.

Аляксандр Сяргеевіч распавёў пра прычыны і перадумовы тых трагічных падзей, як на гэта рэагавала грамадства і як вызнавалі веру і звычайную сумленнасць святары і простыя вернікі. Пра постаці некаторых з іх гісторык расказаў падрабязней, прыводзячы дакументальныя звесткі аб іх справах, у прыватнасці, іх следчыя допыты і прысуды. Дзякуючы гэтаму абліччы вызнаўцаў і мучанікаў вельмі жыва ўспрымаліся слухачамі.

Напрыканцы Аляксандр Горны заклікаў прысутных актыўна вывучаць гісторыю, каб ведаць яе аб’ектыўна, з усіх бакоў, і ўмець адстойваць у жыцці веру і праўду.

Вядоўца сустрэчы, протаіерэй Андрэй Яварэц, прэзентаваў кнігу сталічнай дзіцячай пісьменніцы Алены Міхаленка пра жыццё і подзвіг свяшчэннамучаніка протаіерэя Уладзіміра Хіраска і перадаў яе экземпляр у бібліятэку прыхода.

Источник: Гродненская епархия

Об авторе redactor

Автор не предоставил информацию о себе.

Обсуждение закрыто.

Обсуждение закрыто. Вы не сможете добавить комментарий к этой публикации.